КАПАТКЕ́ВІЦКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада «Чырвоны кастрычнік» А.І.Далідовіча супраць ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Капаткевічы 17.1.1942 у Вял. Айч. вайну. Кіраваў боем камісар атрада С.В.Маханько. Раніцай у гэты дзень партызаны акружылі Капаткевічы, дзе размяшчаўся варожы гарнізон (каля 100 гітлераўцаў), бясшумна знялі вартавых і адрэзалі шлях да адступлення. Невял. групамі па 3—5 чал. партызаны знянацку напалі і закідалі гранатамі хаты, у якіх размяшчаліся гітлераўцы. Праціўнік спрабаваў прабіцца на паўд. ўскраіну пасёлка да чыгункі Жыткавічы—Калінкавічы, але трапіў пад агонь партызан. За 4 гадз бою загінула больш за 60 гітлераўцаў, партызаны захапілі 18 вінтовак, станковы кулямёт, 1 тыс. т збожжа, якое прызначалася да адпраўкі ў Германію. Большую частку яго партызаны раздалі насельніцтву. Капаткевічы былі першым раённым цэнтрам, які вызвалілі бел. партызаны ў 1942.
т. 8, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)